ПА́ЛУБНАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,
марская авіяцыя (самалёты і верталёты), якая базіруецца на караблях, што маюць узлётна-пасадачныя (палётныя) палубы (авіяносец, верталётаносец, процілодачны крэйсер і інш.). Прызначана для знішчэння караблёў, падводных лодак, транспартаў і самалётаў, забеспячэння дзеянняў карабельных злучэнняў, марскіх дэсантаў, парушэння або абароны марскіх камунікацый, а таксама для ППА, процілодачнай абароны сваіх караблёў і інш. Выконвае таксама задачы па высадцы дэсантаў з верталётаў, падтрымцы марской пяхоты, траленні мін, пошуку і выратаванні людзей на моры і інш. Лятальныя апараты П.а. адрозніваюцца канстр. асаблівасцямі, якія забяспечваюць іх шчыльнае размяшчэнне на караблі, скарочаныя ўзлёт і пасадку.
т. 12, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)